Перайсці да зместу

Стаўка рэфінансавання з 21 красавіка павышаецца да 8,5 працэнта гадавых

З 21 красавіка 2021 года стаўка рэфінансавання складзе 8,5 працэнта гадавых, стаўка па крэдыце авернайт - 9,5 працэнта, стаўка па дэпазіце авернайт - 7,5 працэнта. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

Адпаведныя рашэнні прыняты праўленнем Нацбанка па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 14 красавіка з улікам комплексу знешніх і ўнутраных фактараў, што ўплываюць на бягучую і будучую дынаміку спажывецкіх цэн.

"У канцы 2020 года інфляцыйныя працэсы паскорыліся, што было абумоўлена пераносам у цэны аслаблення беларускага рубля, а таксама шокамі прапанавання на рынках асобных харчовых тавараў. У пачатку 2021 года інфляцыя прадоўжыла паскарацца пад уплывам далейшага павышэння сусветных цэн на харчовыя тавары, а таксама на імпартуемыя нехарчовыя тавары, кошт якіх для спажыўца павялічыўся з-за ўзрослых лагістычных затрат і перабояў з пастаўкамі з прычыны пандэміі. Дадатковы праінфляцыйны ўплыў на ўнутраным рынку Беларусі сфарміраваўся ў сувязі з адменай ільгот па падатку на дабаўленую вартасць", - адзначылі ў Нацбанку.

Названыя фактары на фоне паскоранай інфляцыі і яе працяглага адхіленні ад 5-працэнтнага ўзроўню прывялі да павышэння інфляцыйных чаканняў, што пацвярджаецца вынікамі апытання насельніцтва і маніторынгу прадпрыемстваў. Як вынік, пашырыўся пералік тавараў і паслуг спажывецкай карзіны, цэны на якія сталі расці больш высокімі тэмпамі. Па выніках сакавіка 2021 года прырост спажывецкіх цэн склаў 8,5 працэнта ў гадавым выражэнні.